У Зале Перамогі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску адбылося ўрачыстае мерапрыемства – прынясенне Прысягі пракурорскага работніка.
Сярод яго ўдзельнікаў – Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед, пракурор горада Мінска Алег Лаўрухін, пракурор Мінскай вобласці Сяргей Хмарук, ветэран пракуратуры Таісія Ліннік, а таксама настаяцель парафіі храма Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны.
Прынясенне Прысягі – знакавая падзея ў жыцці кожнага чалавека ў пагонах.
Сёння 23 маладыя пракурорскія работнікі з Мінскай, Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай абласцей і горада Мінска прысягнулі «свята выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, іншыя заканадаўчыя акты і міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь, спыняць любыя парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, дабівацца высокай эфектыўнасці ў рабоце, актыўна абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян, грамадскія і дзяржаўныя інтарэсы...».
У сваім выступленні кіраўнік нагляднага ведамства адзначыў важнасць мерапрыемства: «Прымаючы Прысягу пракурорскага работніка, кожны з вас ускладае на сябе ганаровую і вельмі адказную місію добрасумленнага служэння закону, народу, Айчыне... Вы не павінны паддавацца таму беспрэцэдэнтнаму ціску з боку, які ёсць цяпер. Трэба думаць, аналізаваць і прымаць узважаныя рашэнні. Важна, каб вы разумелі ўсю адказнасць, якая ляжыць на вас».
Сваіх юных калег з урачыстай падзеяй павіншавала ветэран пракуратуры Таісія Ліннік.
Протаіерэй Фёдар Поўны даў наказ маладым людзям: «З моманту прынясення прысягі вы становіцеся часткай дзяржавы, якая ўвасабляе яе справядлівасць... Патрыятызм – гэта свядомае жаданне ствараць свет вакол сябе, заснаваны на любві да людзей... Трэба любіць людзей насуперак усяму таму, што вы будзеце бачыць у іх па роду сваёй дзейнасці».
У завяршэнні цырымоніі прадстаўнікі нагляднага ведамства ўсклалі кветкі да абеліска «Мінск – горад-герой» у даніну памяці аб загінуўшых пры вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У ходзе мерапрыемства Генеральны пракурор пагутарыў і з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.
Адказваючы на пытанне пра патрабаванні, што прад'яўляюцца да асоб якія прымаюцца на службу ў органы пракуратуры, Андрэй Швед падкрэсліў: «Цяпер кожнае слова мае вялікае значэнне – вернасць абавязку, абарона Айчыны, абарона канстытуцыйнага ладу. Маладыя пракурорскія работнікі, якія сёння прымаюць Прысягу, знаходзяцца на піку барацьбы, процідзеяння праявам экстрэмізму і тэрарызму. Важна, што ўнутры чалавека, наколькі ён адданы абавязку, краіне, наколькі ён стрэсаўстойлівы, наколькі ў яго моцная воля да таго, каб даказаць праўду, адстаяць праўду».
Фота: sb.by, warmuseum.by
Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
і рэдакцыйнай дзейнасці
Генеральнай пракуратуры