Пад старшынствам пракурора Мінскай вобласці Сяргея Хмарука з удзелам пракурораў раёнаў і г.Жодзіна, Мінскага транспартнага пракурора, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў апарата абласной пракуратуры, іншых пракурорскіх работнікаў адбылася калегія па выніках працы пракуратуры вобласці за 2019 год.
У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лашын.
У сваім выступе Сяргей Хмарук адзначыў, што праца пракуратуры ва ўзаемадзеянні з выканаўчымі і распарадчымі, праваахоўнымі і кантралюючымі органамі дала магчымасць забяспечыць у рэгіёне парадак, замацаваць станоўчыя тэндэнцыі ў дынаміцы і структуры злачыннасці, павысіць эфектыўнасць нагляду, у тым ліку яго праваабарончы складальнік.
У 2019 годзе знізіўся ўзровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва – з 111,6 да 109,5. На 5,2 % менш зарэгістравана выпадкаў гібелі людзей ад знешніх прычын.
Комплекс прафілактычных мер спрыяў скарачэнню колькасці злачынстваў у сельскай мясцовасці, сярод раней судзімых, у сферы сямейна-бытавых адносін. Менш стала забойстваў, згвалтаванняў, разбояў, фактаў незаконнага абароту наркотыкаў. У войсках, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі вобласці, больш чым у 2 разы знізілася колькасць злачынстваў.
Разам з тым больш здзейснена крымінальна каральных дзеянняў непаўналетнімі (15 %), у стане ап'янення (+ 8,3 %), у групе асоб (+ 3 %), у грамадскіх месцах (+ 2 %).
Зафіксаваны рост пажараў з гібеллю людзей у Лагойскім, Капыльскім і Стаўбцоўскім раёнах. У такіх выпадках больш за ўсіх рызыкуюць жыццём сацыяльна-ўразлівыя катэгорыі грамадзян.
Адной з прычын негатыўнай дынамікі крымінагеннай абстаноўкі выступае недастатковая прафілактычная роля грамадскіх фарміраванняў.
Застаецца высокім узровень карупцыйных злачынстваў у дзяржаўным кіраванні, прамысловасці, АПК. Надзвычай уразлівая сфера закупак, у якой карупцыйныя праявы атрымалі вельмі распаўсюджаны характар.
«Галоўная задача – не дапусціць і папярэдзіць злачынствы супраць інтарэсаў службы. Пракуроры павінны праводзіць мэтанакіраваную працу па выяўленні прычын і ўмоў, якія спрыяюць карупцыі», – падкрэсліў пракурор Мінскай вобласці Сяргей Хмарук.
Ён запатрабаваў ад тэрытарыяльных пракурораў надаваць асаблівую ўвагу каардынацыі работы праваахоўнага блока, паляпшэнню ўзаемадзеяння з кантралюючымі і мясцовымі органамі ўлады, прынцыпова рэагаваць на выяўленыя парушэнні.
У рамках нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў у 2019 годзе пракуроры забяспечылі пакрыццё шкоды ад супрацьпраўных дзеянняў у памеры больш за 750 тыс. рублёў, а таксама вяртанне замежнымі контрагентамі ў адрас суб'ектаў гаспадарання Беларусі звыш 5 млн расійскіх рублёў і 740 тыс. долараў ЗША.
«Для органаў пракуратуры вобласці застаецца першарадным нагляд за выкананнем заканадаўства пры экспартных пастаўках тавараў. Задачы ранейшыя – своечасовае паступленне выручкі ад знешнегандлёвых аперацый і спагнанне знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці», – сказаў пракурор вобласці.
У сувязі з гэтым Сяргей Хмарук арыентаваў калег на рэгулярны аналіз інфармацыі аб дзейнасці тавараправодных сетак дзяржаўных (з доляй уласнасці дзяржавы) прадпрыемстваў-экспарцёраў, прыняцце ў выпадку неабходнасці мер да абароны маёмасных інтарэсаў дзяржавы і прыцягненне вінаватых да адказнасці.
З 9 437 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, якія паступілі у 2019 годзе ў органы пракуратуры Мінскай вобласці, дазволена 5 814, з іх задаволена 1 749.
Прыярытэтнымі напрамкамі нагляднай працы ў 2020 годзе названы:
• прафілактыка злачынстваў/правапарушэнняў;
• законнасць у сферы бяспекі жыццядзейнасці, выкананна працоўных і іншых сацыяльных правоў грамадзян, інвестыцыйнай дзейнасці, выканаўчага вядзення;
• захаванасць дзяржаўнай уласнасці, у тым ліку ў аграпрамысловым сектары;
• актывізацыя працы з насельніцтвам, грамадскімі фарміраваннямі.
Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лашын ў сваім выступе зазначыў важнасць забеспячэння ў 2020 годзе эфектыўнага нагляду ў інвестыцыйнай дзейнасці і супрацьдзеянні карупцыі.
«Прашу ўзяць на асаблівы ўлік крымінальныя справы аб злачынствах супраць інтарэсаў службы і кантраляваць спагнанне атрыманых злачынным шляхам даходаў. Пры гэтым патрабую прынцыпова падыходзіць да высвятлення прычын шматлікіх і паўторных парушэнняў антыкарупцыйных нормаў», – сказаў Аляксандр Лашын.
Па выніках пасяджэння калегія пракуратуры вобласці вызначыла новыя задачы і мерапрыемствы на 2020 год, прыняла рашэнне, мэта якога – умацаванне законнасці і правапарадку, барацьба з карупцыяй, абарона праў і законных інтарэсаў грамадзян і дзяржавы.
Фота: пракуратура Мінскай вобласці
Служба інфармацыі
пракуратуры Мінскай вобласці