Неабходны рэальныя вынікі па прафілактыцы правапарушэнняў, а не фармальныя меры: з удзелам намесніка Генпракурора Генадзя Дыско адбылося пасяджэнне Віцебскага райвыканкама

З удзелам намесніка Генеральнага пракурора Генадзя Дыско і пракурора Віцебскага раёна Андрэя Шклярэўскага адбылося пасяджэнне Віцебскага райвыканкама, на якім разгледжаны выкананне ў раёне комплекснага плана па прафілактыцы правапарушэнняў у 2019 годзе і задачы на 2020 год.

Даведачна. Колькасць зарэгістраваных у 2019 годзе злачынстваў у Віцебскім раёне скарацілася ў параўнанні з 2018 годам з 470 да 444 (-5,5 %), у тым ліку цяжкіх – з 65 да 52 (-20 %), рэцыдыўных злачынстваў – з 150 да 109 (-27 %). 

Узровень злачыннасці ў раёне на 10 тысяч насельніцтва – 120,5 злачынства, што вышэй за сярэдні па вобласці (83,7). Пры гэтым 40 % ад усіх зарэгістраваных злачынстваў здзейснілі асобы, якія маюць судзімасць. 

З 9 да 13 павялічылася колькасць злачынстваў сярод непаўналетніх, з 63 да 90 – асоб, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення, удзельная вага «п'янай» злачыннасці ўзрасла з 18 % да 32 %. 

Аналізуючы праведзеную ў 2019 годзе ў Віцебскім раёне работу па папярэджанні правапарушэнняў, намеснік Генпракурора назваў яе не заўсёды эфектыўнай. Адна з такіх сфер – рэалізацыя Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2013 года № 527 «Аб пытаннях стварэння і прымянення сістэмы відэаназірання ў інтарэсах забеспячэння грамадскага парадку». 

«Забяспечанасць аб'ектаў сістэмамі відэаназірання па Віцебскім раёне склала 75 %, Віцебскай вобласці – 85,3 %. Гэта самы нізкі паказчык у рэспубліцы», – канстатаваў ён. 

На думку Генадзя Дыско, меры па прафiлактыцы злачынстваў будуць больш выніковымі, калі мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, працоўныя калектывы, грамадскія фарміраванні аб'яднаюць намаганні і выпрацуюць сістэмны падыход. 

«Гэтыя недахопы асабліва прыметныя ў рабоце сельскіх выканкамаў, дзе часта няма аб'ектыўнай інфармацыі аб рэальнай сітуацыі на месцах, колькасці асоб, пастаўленых на ўлік да ўрача-нарколага, няўдалых сем'ях, стане супрацьпажарнай бяспекі. Тут жа пасіўная работа саветаў АПАП, створаных на тэрыторыі сельсавета», – сказаў намеснік кіраўніка нагляднага ведамства. 

У гэтай сітуацыі Генадзь Дыско арыентаваў тэрытарыяльныя АУС, пракуратуру, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы аналізаваць прычыны і прымаць прадметныя рашэнні. «Рацыянальна, напрыклад, было б рэгулярна разглядаць на пасяджэннях райвыканкама інфармацыю ад старшынь сельскіх выканкамаў аб стане законнасці і прынятых канкрэтных мерах па недапушчэнні правапарушэнняў», – прапанаваў ён. 

«Пракуратура Віцебскай вобласці ў 2019 годзе праверыла дзейнасць суб'ектаў прафілактыкі Віцебскага раёна. У прадстаўленні старшыні райвыканкама паказала на канкрэтныя хібы і недахопы, – нагадаў Генадзь Дыско. – Сёння ж асобныя мерапрыемствы прапанаванага комплекснага плана па папярэджанні правапарушэнняў на 2020 год вынікаюць з функцыянальных абавязкаў кампетэнтных органаў і патрабаванняў заканадаўства. А гэта кажа пра адсутнасць прынцыповай пазіцыі па пытаннях прафілактыкі злачыннасці. Патрабую, каб папераджальныя меры ў плане на 2020 год былі накіраваны на дасягненне рэальных вынікаў, а не іх фармальнае выкананне». 

Падчас пасяджэння яго ўдзельнікі, з улікам крытычных заўваг і раней выяўленых пракуратурай недахопаў, прынялі рашэнне, у якім вызначылі сферы, што патрабуюць дадатковай увагі адказных выканаўцаў, усталявалі тэрміны для работы.

Фота: В.Мысліцкая, газета «Жыццё Прыдзвіння» 

Аддзел інфармацыі 
Генеральнай пракуратуры


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі

Последние новости