На калегіі пракуратуры Магілёўскай вобласці падведзены вынікі працы за 2019 год

Пад старшынствам пракурора Магілёўскай вобласці Аляксандра Чадюка на пасяджэнні калегіі падведзены вынікі працы абласной пракуратуры за 2019 г. 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Генадзь Дыско, начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства на транспарце і ў мытных органах Генпракуратуры Мікалай Кротаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў апарата пракуратуры вобласці, пракуроры раёнаў і г. Магілёва, іншыя пракурорскія работнікі. 

Органы пракуратуры Магілёўскай вобласці у 2019 годзе рэалізавалі комплекс мер па павышэнні каардынуючай ролі пракуратуры ў процідзеянні злачыннасці і іншым парушэнням законнасці. 

У мінулым годзе на тэрыторыі вобласці ўзрасла колькасць зарэгістраваных злачынстваў – з 9 836 да 9 900, або на 0,7 %. Дарэчы, гэтаму спрыяў рост злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій – 1 037 супраць 392. 

Часцей выяўляліся рабаванні, выпадкі хуліганства, вымагання, згоны аўтатранспарту, факты наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, а таксама злачынствы, учыненыя ў стане алкагольнага ап'янення (+ 22,2 %). 

Разам з тым стала менш разбояў, злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Колькасць махлярстваў засталася на ўзроўні 2018 года – 324. 

Скарацілася колькасць злачынстваў сярод асобаў, якія маюць судзімасць і ў складзе групы. 

Зафіксавана менш злачынстваў, якія здзейснелі непаўналетнія– (210 супраць 217, або 3,2 %): не зарэгістравана забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, разбояў. Са 129 да 94 зменшылася колькасць крадзяжоў, з 9 да 6 – злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам псіхаактыўных рэчываў. 

Занепакоенасць у пракуратуры выклікала нізкая эфектыўнасць працы зацікаўленых службаў па папярэджанні надзвычайных здарэнняў з дзецьмі: у 2019 годзе ў вобласці загінула 14 дзяцей, у той час за такі самы перыяд мінулага года – 10. 

На тэрыторыі Магілёўшчыны у 2019 годзе ўлічана 257 (323) карупцыйных злачынстваў, колькасць прыцягнутых да адказнасці ў параўнанні з 2018 годам засталася практычна на ранейшым узроўні – 147 (149). 

Злачынствы супраць інтарэсаў службы часцей за ўсё рэгістравалі ў сельскагаспадарчым сектары эканомікі, прамысловасці і будаўніцтве. Высокая ступень карупцыйных рызык уласціва сферы дзяржаўных закупак. 

Выкрылі факты безгаспадарчасці ў арганізацыях АПК, у тым ліку пры вядзенні першаснага бухгалтарскага ўліку. Гэта негатыўна адбілася на выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці шэрагу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. 

Органы пракуратуры вобласці на пастаяннай аснове праводзілі маніторынгі ў сферы АПК па лініі захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны ў перыяд пасяўной і ўборачнай кампаній. Асаблівая ўвага пры гэтым надавалася кантролю за ліквідацыяй раней выяўленых парушэнняў. 

Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Генадзь Дыско ў сваім выступе арыентаваў калег на ўзмацненне барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва, ліквідацыю парушэнняў працоўных праў работнікаў, забеспячэнне своечасовай выплаты заработнай платы, павышэнне ўзроўню кампенсацыі шкоды ад злачынстваў. «Асаблівую ўвагу прашу звярнуць на стан законнасці ў АПК, кантроль за скарачэннем знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, прафілактыку гібелі дзяцей ад знешніх фактараў», – удакладніў ён. 

Пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадюк у дадатак да сказанага заклікаў павысіць эфектыўнасць нагляду за выкананнем заканадаўства органамі, якія вядуць адміністрацыйны працэс, органамі прымусовага выканання і аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. 

Начальнік упраўлення Генпракуратуры Мікалай Кротаў у сваім выступе вёў гаворку пра неабходнасць узмацніць работу па прафілактыцы злачынстваў на транспарце, палепшыць сітуацыю з бяспекай транспартных перавозак, уключаючы папярэджанне траўматызму на чыгуначных пераездах. «Павышанай увагі таксама патрабуе нагляд за выкананнем мытнага заканадаўства і вядзеннем органамі мытні адміністрацыйнага працэсу», – дапоўніў ён. 

Па выніках пасяджэння калегія пракуратуры Магілёўскай вобласці выпрацавала прадметныя меры, якія будуць спрыяць умацаванню ў 2020 годзе законнасці і правапарадку ў рэгіёне, захаванню праў і свабод грамадзян. 

Фота: пракуратура Магілёўскай вобласці 

Служба інфармацыі
пракуратуры Магілёўскай вобласці


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі

Последние новости