На калегіі пракуратуры Гомельскай вобласці з удзелам намесніка Генпракурора Аляксея Стука падведзены вынікі работы за 2019 год

Пад старшынствам пракурора Гомельскай вобласці Віктара Марозава адбылася калегія па выніках работы пракуратуры вобласці за 2019 год. 

У ёй прынялі ўдзел намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксей Стук, пракуроры раёнаў і г.Гомеля, Гомельскі транспартны пракурор, работнікі апарата абласной пракуратуры. 

У сваім выступленні Віктар Марозаў адзначыў, што пракуратура ва ўзаемадзеянні з іншымі кампетэнтнымі органамі ў мінулым годзе рэалізавала комплекс арганізацыйна–практычных мер па ўмацаванні законнасці і правапарадку, процідзеяння злачыннасці і карупцыі ў рэгіёне, у тым ліку па лініі прафілактыкі супрацьпраўных дзеянняў. 

У 2019 годзе ў Гомельскай вобласці менш здзейснена забойстваў, грабяжоў, угонаў аўтамабільнага транспарту і крадзяжоў. Знізілася колькасць злачынстваў сярод раней судзімых асоб – з 4056 да 3726, ці на 8,1 %. 

Пры гэтым агульная колькасць зарэгістраваных у рэгіёне злачынстваў у параўнанні з 2018 годам павялічылася на 17,5 %, чаму шмат у чым спрыяў узрост колькасці злачынстваў з выкарыстаннем камп'ютэрнай тэхнікі і шкодаснага праграмнага забеспячэння. 

У 2019 годзе назіраўся рост злачынстваў у грамадскіх месцах, з якіх кожнае трэцяе – хуліганства. Часта хуліганскія дзеянні былі спалучаныя з прычыненнем шкоды ўладальнікам транспартных сродкаў, прыпаркаваных на неахоўных аўтастаянках – дваровых тэрыторыях шматкватэрных жылых дамоў. 

Даведачна. Ужо ў першым паўгоддзі 2020 года пракуратура Гомельскай вобласці на пасяджэнні абласной каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй запланавала абмеркаваць пытанне захавання законнасці пры разглядзе заяў і паведамленняў аб хуліганстве, расследаванні і судовым разглядзе такіх крымінальных спраў, прааналізаваць прычыны і ўмовы, якія спрыялі супрацьпраўным дзеянням, праверыць дзейнасць суб'ектаў прафілактыкі па гэтай лініі. 

У 2019 годзе пракурорскія работнікі Гомельшчыны разгледзелі з улікам кампетэнцыі 7111 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, або 66 % ад усіх, што на 3,9 % больш, чым у 2018 годзе. Рост колькасці зваротаў адзначаны ў пракуратурах 16 раёнаў. 

У мэтах аздараўлення сітуацыі і ўзмацнення каардынуючай ролі пракуратура вобласці праверыла эфектыўнасць работы суб'ектаў прафілактыкі ў частцы папярэджання злачынстваў, звязаных з замахам на жыццё і здароўе грамадзян, у тым ліку гвалт у сям'і. 

У развіццё гэтай тэмы старшы памочнік пракурора Гомельскай вобласці Таццяна Жызнеўскі на пасяджэнні калегіі вяла гаворку пра неабходнасць выкарыстання мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, дзяржаўнымі арганізацыямі аховы здароўя, установамі адукацыі, АУС усяго спектру мер па мінімізацыі правапарушэнняў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення. «Тут і збор матэрыялаў для вырашэння пытання аб абмежаванні ў дзеяздольнасці асоб, і абскарджанне супрацоўнікамі АУС судовых пастаноў аб адмове ў накіраванні грамадзян у ЛПП у апеляцыйным парадку», – удакладніла Таццяна Жызнеўская. 

Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксей Стук у сваім выступленні адзначыў паляпшэнні ў рабоце пракурораў Гомельшчыны ў сферы апеляцыйнага апратэставання судовых пастаноў па крымінальных справах. Арыентаваў калег на ўзмацненне барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва, выпрацоўку дадатковых прафілактычных мер у дачыненні да раней судзімых, непрацаўладкаваных грамадзян і тых, якія не вучацца. 

«Прашу ўзяць на асаблівы ўлік крымінальныя справы па карупцыйных злачынствах і кантраляваць спагнанне атрыманых злачынным шляхам даходаў. Праблема выканання прысудаў па гэтай катэгорыі спраў у частцы маёмасных спагнанняў стаіць востра. Нагляд на ўсіх стадыях працэсу павінен быць патрабавальным і прынцыповым», – падкрэсліў Аляксей Стук. 

У мэтах умацавання законнасці і правапарадку, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і дзяржавы на пасяджэнні калегіі пракуратуры вобласці прынята рашэнне, у якім вызначаны новыя задачы і канкрэтныя мерапрыемствы на бліжэйшую перспектыву. 

Пасля калегіі адбылося ўзнагароджанне пракурорскіх работнікаў па выніках работы ў 2019 годзе. 

Фота: пракуратура Гомельскай вобласці 

Служба інфармацыі
пракуратуры Гомельскай вобласці


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі