Генеральная пракуратура ў мэтах захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ініцыявала з улікам вынікаў расследавання крымінальнай справы актуалізацыю звестак аб колькасці загінуўшых у самым буйным на акупіраванай тэрыторыі СССР лагеры смерці «Трасцянец».
У выніку прынятых мер сістэма пахаванняў лагера смерці (урочышчы «Благоўшчына», «Шашкоўка», паблізу в. Малы Трасцянец) пастаўлена на дзяржаўны ўлік і пашпартызавана адзіным комплексам з агульнай колькасцю пахаваных не менш як 546 тысяч, а не 206,5 тысячы, як гэта лічылася раней.
Даведачна. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.03.2016 № 109 «Аб увекавечанні памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў» аднымі з асноўных форм захавання памяці аб ахвярах войнаў з'яўляецца дзяржаўны ўлік пахаванняў, унясенне даных аб ахвярах войнаў, месцах іх пахавання ў аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь».
У ходзе следства і на падставе архіўных актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ад 25 ліпеня і ад 13 жніўня 1944 года ўстаноўлена, што на тэрыторыі лагера смерці нацыстамі і іх памагатымі праводзіліся масавыя расстрэлы грамадзян, пасля чаго трупы закопваліся.
Ва ўрочышчы «Благоўшчына» знойдзены 34 ямы-магілы. У далейшым у мэтах утойвання злачынстваў нацыстамі дадзеныя пахаванні раскопваліся і астанкі спальваліся, попел і косці паўторна закопваліся ў зямлю.
У мэтах масавага забойства ва ўрочышчы «Шашкоўка» ўстаноўлена печ для крэмацыі, пасля выкарыстання якой астанкі ахвяр рассыпаліся па навакольных палях. Трупы людзей таксама знішчаліся ў адрынах у вёсцы Малы Трасцянец.
Такім чынам, звесткі аб гібелі 206,5 тысячы чалавек не адпавядалі сапраўдным маштабам трагедыі, наступствам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Па патрабаванні Генеральнай пракуратуры органамі выканаўчай улады складзены адзіны пашпарт пахавання (уліковы нумар 5838), звесткі аб якім унесены Міністэрствам абароны ў аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь», які мае адкрыты доступ у сетцы Інтэрнэт (даступны па спасылцы).
Акрамя таго, у мэтах захавання гістарычнай памяці Генеральнай пракуратурай запатрабавана забяспечыць давядзенне да грамадскасці, у тым ліку моладзі, поўнай і дакладнай інфармацыі аб рэальных маштабах трагедыі і наступствах генацыду беларускага народа.
Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
Генеральнай пракуратуры


