«Без урокаў гісторыі немагчыма будаваць будучыню»: з удзелам Генеральнага пракурора Андрэя Шведа ў СШ №1 у Баранавічах адкрылі выставу «Мы гэтай памяці верныя»

З удзелам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа і пракурора Брэсцкай вобласці Віктара Клімава ў ДУА «Сярэдняя школа №1 г.Баранавічы ім. С.І.Грыцаўца» адбылося адкрыццё выставы «Мы гэтай памяці верныя», прысвечанай расследаванню крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, а таксама класа прававой накіраванасці «Юны пракурор».



Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі, першы намеснік старшыні Брэсцкага абласнога і старшыня Баранавіцкага гарадскога выканаўчых камітэтаў Дзмітрый Гарадзецкі і Максім Антанюк адпаведна.

Даведачна. Ва ўстановах адукацыі Брэсцкай вобласці пры ўдзеле пракурораў адкрыты і рэгулярна абнаўляюцца звыш 1,5 тысячы экспазіцый, прысвечаных тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Матэрыялы выстаў пастаянна папаўняюцца даследчымі работамі навучэнцаў, якія яны прадстаўляюць у рамках творчых праектаў, якія рэалізуюцца па ініцыятыве пракуратуры і галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

У названай школе сфарміраваны і з 1 верасня 2025 года пачаў работу клас «Юны пракурор», навучэнцы якога актыўна ўдзельнічаюць у рабоце па захаванні гістарычнай памяці, уключаючы стварэнне музея.



У прывітальнай прамове на ўрачыстай лінейцы Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь звярнуўся да педагогаў, бацькоў і навучэнцаў: «Падобнага кшталту класы не проста неабходнасць. Сёння як ніколі важна, каб нашы будучыя пакаленні цвёрда разумелі, якім коштам дасталіся нам незалежнасць і само жыццё пасля Вялікай Айчыннай вайны, колькі намаганняў прыкладзена і прыкладаецца Кіраўніком дзяржавы і ўсімі, хто стаіць на варце правапарадку».



Андрэй Швед выказаў упэўненасць у тым, што выпускнікі ў будучыні стануць работнікамі пракуратуры або зробяць выбар на карысць іншых прафесій, але звязаных з абаронай інтарэсаў дзяржавы.

У сваю чаргу, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама адзначыў: «Сённяшняя падзея заклікана фармаваць пачуццё патрыятызму ў падрастаючага пакалення. Гэта крок да разумення гісторыі нашай краіны. Мы сістэмна абнаўляем і ствараем падобныя экспазіцыі ў кожнай установе адукацыі. Характэрна, што менавіта ў школе №1 г.Баранавічы ім.С.І.Грыцаўца будзе функцыянаваць выстава, у якую ўкаранёны даследаванні навучэнцаў пасля азнаямлення з інфармацыяй пракурораў аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе».

Пасля ўрачыстай лінейкі Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь адкрыў абноўленую музейную экспазіцыю «Мы гэтай памяці верныя», у якой прадстаўлена інфармацыя аб зверствах нацыстаў і іх памагатых не толькі ў Баранавіцкім рэгіёне, але і па краіне ў цэлым.









Акрамя таго, кіраўнік нагляднага ведамства азнаёміўся з кабінетам практычнай дзейнасці класа «Юны пракурор», створаным для практыкаарыентаваных заняткаў з навучэнцамі.





У далейшым па традыцыі Андрэй Швед правёў «урок ад пракурора», на якім распавёў пра сваё прафесійнае станаўленне, асаблівасці службы ў органах пракуратуры, патрабаванні, што прад'яўляюцца да пракурорскіх работнікаў. Пасля чаго адказаў на пытанні, якія цікавілі дзяцей.





Кожнаму вучню Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь уручыў Кодэкс гонару пракурорскага работніка і памятныя падарункі, а ўстанове адукацыі – кнігі з серыі аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.







Вучні класа перадалі Андрэю Іванавічу для музейнай экспазіцыі ведамства аб'ёмную праекцыю «Алеі памяці» ў выглядзе інтэрактыўнай кнігі.

Даведачна. «Алея памяці» адкрыта сёлета ў г.Баранавічы, на якой нанесена інфармацыя аб злачынствах фашыстаў у рэгіёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У завяршэнне мерапрыемства Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь пакінуў запіс у школьнай кнізе ганаровых гасцей.



Фота: Генеральная пракуратура

Служба інфармацыі
пракуратуры Брэсцкай вобласці


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі