Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед выступіў перад слухачамі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з ліку кіруючых кадраў на тэму: «Карупцыя як сацыяльна-прававая з'ява. Антыкарупцыйнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь».
На пачатку свайго выступу кіраўнік нагляднага ведамства абазначыў, што падобныя сустрэчы, якія праводзяцца на сістэмнай аснове, у тым ліку са слухачамі Акадэміі кіравання, сталі добрай традыцыяй. Падкрэсліў, што «яны прынясуць вынікі ў прафілактыцы карупцыйных правапарушэнняў у сістэме органаў дзяржкіравання».
Выступленне Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь прайшло не як стандартны даклад, а ў форме дыялогу з аўдыторыяй: Андрэй Швед адказваў на пытанні, прыводзіў прыклады з канкрэтных крымінальных спраў, а таксама даў ацэнку паводзінам шэрагу службовых асоб, што дало магчымасць глыбей зразумець сутнасць феномену карупцыі.
Ён расказаў аб прававым рэгуляванні антыкарупцыйнай дзейнасці і стане гэтага віду злачыннасці ў Беларусі. Праінфармаваў аб прымаемых у краіне мерах па барацьбе з гэтай сацыяльнай з'явай.
Гаворачы аб характары карупцыі, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь падрабязна спыніўся на гістарычным аспекце развіцця разумення гэтага феномена. Патлумачыў, як мяняліся да яго грамадскія адносіны і якія меры рэагавання прымаліся дзяржаўнымі структурамі.
«Карупцыя – гэта іржа, якая раз'ядае не толькі эканоміку, але і грамадства, увесь уклад, у якім мы жывем, і які стварылі. Гэта прыніжэнне чалавека, – прывёў словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кіраўнік нагляднага ведамства. – Па сутнасці карупцыя разбурае самі дзяржавы».
Даведачна. Сёння ядром антыкарупцыйнага заканадаўства з'яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь "Аб барацьбе з карупцыяй", які мае яскрава выражаную папераджальную накіраванасць. Пры гэтым канцэптуальныя напрамкі супрацьдзеяння карупцыі, устаранення яе базавых прычын і ўмоў замацаваны ў Стратэгіі барацьбы з карупцыяй.
На папярэджанне злоўжыванняў накіраваны шэраг абмежаванняў і забарон, якія змяшчаюцца ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб барацьбе з карупцыяй". Сярод іх - забарона на сумеснае праходжанне дзяржаўнай службы; абмежаванні ў працаўладкаванні ў якасці дзяржслужачых асоб, якія раней учынілі цяжкія або асабліва цяжкія злачынствы; часовае абмежаванне ў прыёме на кіруючыя пасады асоб, раней звольненых па дыскрэдытуючых падставах; забарона на прыняцце ў сувязі з выкананнем службовых (працоўных) абавязкаў маёмасці (падарункаў); абмежаванні ў кіраванні долямі ў статутных фондах (акцыямі) камерцыйных арганізацый; інстытут дэкларавання даходаў і маёмасці і шэраг іншых палажэнняў.
З аўдыторыі паступілі многія пытанні, якія сярод іншага датычыліся карупцыйных выклікаў і рызык, удасканалення заканадаўства аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг), адносін грамадскасці да праяў карупцыі і больш актыўнага ўцягвання грамадзянскай супольнасці ў барацьбу з ёй.
Сярод сфер, у якіх улічана найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь назваў сельскую гаспадарку, прамысловасць, будаўніцтва і гандаль.
Спасылаючыся на аналіз крымінальных спраў і іншых звестак аб карупцыйных праявах, Андрэй Швед канстатаваў, што "сёння амаль кожнае другое карупцыйнае злачынства ў Беларусі – гэта хабарніцтва".
Даведачна. Дзякуючы прымаемым мерам стрымлівання і ранняй прафілактыцы карупцыя ў Беларусі не перавышае 2 працэнты ў структуры агульнай злачыннасці. У прыватнасці, летась у краіне ўлічана 1031 карупцыйнае злачынства.
«Кіраўнікі нярэдка ўступаюць у карупцыйную змову са сваімі блізкімі сябрамі і даўнімі знаёмымі з ліку прадпрымальнікаў, памылкова мяркуючы, што пра іх супрацьпраўную дзейнасць ніхто і ніколі не даведаецца. Як толькі пад пагрозай аказваюцца інтарэсы бізнесу і атрымання прыбытку, такім саюзам немінуча надыходзіць канец», – запэўніў аўдыторыю Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.
Адзначана, што ўцягненню кіруючых кадраў у карупцыйную дзейнасць акрамя слабых асобасных якасцей садзейнічаюць арганізацыйныя праблемы, уключаючы аслаблены ведамасны кантроль.
Асобныя пытанні датычыліся ходу расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. У прыватнасці, якая праца праводзіцца па прыцягненні памагатых фашыстаў да крымінальнай адказнасці і калі ўбачаць свет новыя кнігі з серыі «Генацыд беларускага народа».
Слухачы Акадэміі кіравання падзякавалі Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь за выступленне і адзначылі, што гэта была «прадметная і адкрытая размова па сутнасці».
Фота: Генеральная пракуратура
Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
Генеральнай пракуратуры


