З удзелам генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа ў г. Бішкеку (Кыргызская Рэспубліка) прайшло 22-е пасяджэнне генеральных пракурораў дзяржаў – удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (далей –ШАС), падчас якога разгледжаны роля органаў пракуратуры ў эпоху цыфравізацыі і адказы на сучасныя выклікі.
У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі наглядных ведамстваў Беларусі, Індыі, Ірана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Пакістана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Сакратарыята ШАС, рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ШАС, а таксама дэлегацыя Азербайджана, які мае статус дзяржавы – партнёра ШАС па дыялогу.
Асноўныя мэты, звязаныя з ШАС:
умацаванне ўзаемнага даверу і добрасуседства паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі;
садзейнічанне іх эфектыўнаму супрацоўніцтву ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай галінах, а таксама ў сферы адукацыі, энергетыкі, транспарту, турызму, абароны навакольнага асяроддзя і іншых;
сумеснае забеспячэнне і падтрыманне міру, бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне;
дзейнасць, накіраваная на стварэнне дэмакратычнага, справядлівага і рацыянальнага новага міжнароднага палітычнага і эканамічнага парадку.
Мерапрыемства пачалося з відэазвароту да ўдзельнікаў пасяджэння Прэзідэнта Кыргызскай Рэспублікі Садыра Жапарава.

Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, Андрэй Швед адзначыў, што для Генеральнай пракуратуры Беларусі пасяджэнне з'яўляецца асаблівым, паколькі беларускі бок упершыню ўдзельнічае ў ім у якасці паўнапраўнага члена арганізацыі.
«Сёння ва ўмовах глабальнай цыфравізацыі кібербяспека крытычнай інфраструктуры і вялікіх дадзеных набыла выключнае значэнне для забеспячэння ўстойлівасці ўсіх сфер жыццядзейнасці», – сказаў у сваім дакладзе Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік нагляднага ведамства канстатаваў, што ў Беларусі на фоне зніжэння агульнай колькасці злачынстваў больш чым у два разы за апошнія 15 гадоў апошнім часам назіраецца тэндэнцыя росту колькасці кіберзлачынстваў. У 2023 годзе іх колькасць вырасла практычна на чвэрць, склаўшы больш за 18 тысяч. Удакладніў, што кожнае пятае злачынства ў рэспубліцы здзейснена з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Сярод такіх злачынстваў пераважаюць крадзяжы шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, махлярства і вымагальніцтва.
«Адным са спосабаў іх здзяйснення выступае падман грамадзян на падставе продажу тавараў на розных інтэрнэт-рэсурсах і здзяйснення здзелак з крыптавалютай. Распаўсюджаныя таксама факты тэлефоннага махлярства, калі злачынцы пад выглядам супрацоўнікаў праваахоўных органаў альбо спецыялістаў банкаў вымушаюць пацярпелых пераводзіць грошы на падкантрольныя рахункі. Значную частку падобных злачынстваў здзяйсняюць асобы, якія знаходзяцца за межамі нашай краіны, а выкрадзеныя сродкі выводзяцца за мяжу», – падкрэсліў Андрэй Швед.
Пры гэтым Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь запэўніў, што органы пракуратуры актыўна выкарыстоўваюць усе прадастаўленыя паўнамоцтвы для навядзення парадку: «Узбуджаюцца крымінальныя справы, у судовым парадку інфармацыйная прадукцыя прызнаецца экстрэмісцкімі матэрыяламі, абмяжоўваецца доступ да сайтаў і сеткавых выданняў, па ісках пракурораў ліквідуюцца арганізацыі дэструктыўнай накіраванасці».
Андрэй Швед спыніўся падрабязней на ініцыятывах Генеральнай пракуратуры ў частцы карэкціроўкі заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, уключаючы інфармацыйнае асяроддзе. У прыватнасці, праінфармаваў аб забароне для арганізатараў і ўдзельнікаў экстрэмісцкіх арганізацый на працягу пяці гадоў засноўваць новыя арганізацыі і СМІ; аб праве Генеральнага пракурора, пракурораў абласцей, горада Мінска абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, праз якія распаўсюджваюцца заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, іншая дэструктыўная інфармацыя.
У развіццё думкі кіраўнік нагляднага ведамства распавёў аб распрацаваным па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры і зацверджаным Урадам комплексным плане мерапрыемстваў па супрацьдзеянню кіберзлачынстваў, прафілактыцы іх удасканалення, павышэнню лічбавай пісьменнасці насельніцтва на 2024–2025 гады.
У ім сярод іншага прадугледжана: развіццё і ўдасканаленне сістэм забеспячэння кібербяспекі; маніторынг кіберпрасторы з мэтай своечасовага выяўлення, прадухілення кіберпагроз і іх нейтралізацыі; забеспячэнне абароны дзяржаўных і прыватных інфармацыйных рэсурсаў ад кібератак; удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі кадраў, павышэнне ўзроўню камп'ютарнай пісьменнасці і лічбавай бяспекі грамадзян, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

Андрэй Швед таксама падрабязна праінфармаваў аб прапановах ведамства ў заканадаўчай сферы, накіраваных на супрацьдзеянне кіберзлачыннасці і легалізацыі злачынных і карупцыйных даходаў: «Па нашай ініцыятыве ўкараняюцца інфармацыйныя сістэмы маніторынгу падазроных фінансавых аперацый, а таксама прадугледжваецца магчымасць для супрацоўнікаў банкаўскіх аддзяленняў самастойна прымаць рашэнні аб адмове ў выдачы крэдыту, калі грамадзянін відавочна знаходзіцца пад уплывам трэціх асоб. Акрамя таго, Нацыянальнаму банку Беларусі было ўказана на неабходнасць удасканальваць працэс выдачы анлайн-крэдытаў».
Кіраўнік нагляднага ведамства падкрэсліў, што пракуроры актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па супрацьдзеянні несанкцыянаваным плацежным аперацыям».
Даведка. Згодна з Указам створана аўтаматызаваная сістэма, якая дазваляе выяўляць і спыняць несанкцыянаваны перавод грашовых сродкаў (перавод, які ажыццяўляецца без згоды карыстальніка плацежнай паслугі). У прыватнасці, гэта транзакцыі, якія не адпавядаюць звычайным фінансавым аперацыям кліента (у тым ліку па месцы здзяйснення перавода, яго суме, перыядычнасці, характары дзейнасці кліента), альбо пераводы, дзе атрымальнік грашовых сродкаў раней з'яўляўся ўдзельнікам інцыдэнту і яго дадзеныя маюцца ў сістэме.
У выпадку выяўлення прыкмет несанкцыянаванага пераводу фінансавыя арганізацыі абавязаны прыпыніць правядзенне плацяжу.
«Генеральнаму пракурору, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Следчаму камітэту і Міністэрству ўнутраных спраў прадастаўлена права ў тэрмін да 10 сутак прыпыняць расходныя аперацыі па рахунках і электронных кашальках карыстальніка плацежных паслуг, у дачыненні да якога маецца інфармацыя аб удзеле ў здзяйсненні крадзяжоў. Работа сістэмы дазволіла аператыўна прыпыняць рух на рахунках, праз якія перамяшчаліся выкрадзеныя грашовыя сродкі, а таксама накладваць на іх арышт. За тры месяцы работы сістэмы апрацоўкі інцыдэнтаў банкі прыпынілі аперацыі на суму звыш 10 мільёнаў рублёў (3,5 мільёнаў даляраў ЗША), а праваахоўныя органы – яшчэ на 2,7 мільёнаў рублёў (0,8 мільёнаў даляраў ЗША)», – падзяліўся з калегамі станоўчымі вынікамі працы ў разгледжанай сферы Андрэй Швед.
Падводзячы вынік, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь акцэнтаваў увагу на тым, што кіберзлачыннасць даўно выйшла за нацыянальныя межы і ўяўляе сабой глабальную праблему.
«Толькі сумеснымі ўзгодненымі дзеяннямі мы зможам кантраляваць крымінагенныя працэсы і мінімізаваць прычыненую імі шкоду. Рэспубліка Беларусь падтрымлівае міжнародныя намаганні па барацьбе з гэтымі злачынствамі і заўсёды гатовая да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», – рэзюмаваў ён.
Кіраўнік нагляднага ведамства таксама выказаў падзяку арганізатарам саміту – Генеральнай пракуратуры Кыргызскай Рэспублікі, «за выдатную арганізацыю сустрэчы і сардэчны прыём у Бішкеку».
У рамках пасяджэння Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед правёў двухбаковую сустрэчу з Генеральным пракурорам Кыргызскай Рэспублікі Максатам Асаналіевым.






Калегі ўзгаднілі дзеянні па асноўных напрамках работы ў крымінальна-прававой сферы, адзначылі цесныя адносіны пры ўзаемадзеянні як у рамках удзелу ў дзейнасці органаў галіновага супрацоўніцтва ў СНД, так і заключаных міжнародных дагавораў.
Акрамя таго, на палях форуму адбылася сустрэча Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа з Генеральным пракурорам Вярхоўнай народнай пракуратуры Кітайскай Народнай Рэспублікі Інам Юнам.



Андрэй Швед выказаў упэўненасць у тым, што адкрыты і канструктыўны дыялог будзе спрыяць пошуку новых шляхоў для эфектыўнага ўзаемадзеяння па шэрагу пытанняў барацьбы са злачыннасцю, дазволіць знайсці спосабы далейшага ўдасканалення супрацоўніцтва па ключавых напрамках дзейнасці.
«Наша сустрэча на кыргызскай зямлі сведчыць аб трывалых і стабільных сувязях Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнай народнай пракуратуры Кітайскай Народнай Рэспублікі. Лічу, што мы захавалі высокі ўзровень пракурорскага супрацоўніцтва, давер адзін да аднаго і цёплыя чалавечыя адносіны», – адзначыў ён.
Андрэй Швед прапанаваў Іну Юну перайсці на больш высокі ўзровень узаемадзеяння і распрацаваць план сумесных мерапрыемстваў на бліжэйшыя гады, з чым кітайскія калегі пагадзіліся.
Мэта падобных сустрэч – умацаванне прафесійных сувязяў і ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва на карысць абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян.
Папрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі 22-га пасяджэння падпісалі пратакол аб умацаванні супрацоўніцтва ў галіне ўкаранення сучасных тэхналогій у сферы адукацыі.

Чарговае 23-е пасяджэнне генеральных пракурораў дзяржаў – членаў ШАС адбудзецца ў 2025 годзе ў Пакістане.
У рамках мерапрыемства Андрэй Швед пагутарыў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.

Фота: Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь, Генеральная пракуратура Кыргызскай Рэспублікі
Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
Генеральнай пракуратуры


