Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед у Дзень работнікаў пракуратуры павіншаваў калег з прафесійным святам і ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды.





У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вольфавіч і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Аляксей Васільеў.

Аляксандр Вольфавіч зачытаў віншаванне ў адрас пракурорскага корпуса ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адзначыўшы, што «да свайго прафесійнага свята органы пракуратуры падышлі з высокімі дасягненнямі і вынікамі, а якаснае выкананне пракурорамі сваіх задач садзейнічае забеспячэнню законнасці і правапарадку ва ўсіх сферах жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства».

«Прафесіяналізм, прынцыповасць, адказнасць і пачуццё грамадзянскага абавязку – адметныя рысы пракурорскіх работнікаў. Брэнд нашай краіны – чысціня, парадак і бяспека, прычым бяспека – самае галоўнае. І ў яе забеспячэнні бачу вялікую заслугу органаў пракуратуры. Без пракурорскага нагляду ў нас не было б такога парадку і такой краіны», – дапоўніў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь.

У сваю чаргу, Аляксей Васільеў зачытаў прывітальны адрас ад імя Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай: «На пракурорскі корпус ускладзена адказная місія – строга сачыць за выкананнем законнасці і правапарадку, забяспечваць стабільнасць і надзейную абарону інтарэсаў грамадзян і дзяржавы. Ва ўсе часы вы стаіце на варце канстытуцыйных правоў і свабод, процідзейнічаеце сучасным выклікам і пагрозам. Высокая рэпутацыя пракуратуры, павага і давер людзей з'яўляецца заслугай яе работнікаў, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, якія валодаюць шырокай эрудыцыяй і бездакорнымі асабістымі якасцямі».
Наталля Качанава адрасавала словы асаблівай падзякі і ветэранам пракуратуры, якія «стваралі і прымнажалі лепшыя традыцыі ведамства і сёння працягваюць дзяліцца сваімі ведамі і вопытам з моладдзю, дапамагаюць ёй мудрымі парадамі».

Звяртаючыся да калег, Андрэй Швед падкрэсліў: «Кіраўнікам дзяржавы дадзена высокая ацэнка нашай працы, вызначаны прыярытэты ў нагляднай дзейнасці. Віншаванні на наш адрас таксама даслалі рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і замежныя калегі. З пастаўленымі задачамі мы спраўляемся годна. Наглядная работа сёння пабудавана такім чынам, каб не проста выяўляць і рэагаваць на парушэнні, а прымаць рэальныя меры да іх устаранення, у тым ліку на заканадаўчым узроўні. У нас ёсць вынікі па многіх напрамках, у тым ліку высокая ацэнка нашай дзейнасці з боку грамадзян».
Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь пажадаў калегам моцнага здароўя, міру, поспехаў у службе і дабрабыту ў сям'і.
Далей адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пракурорскіх работнікаў і работнікаў пракуратуры.




У рамках мерапрыемства Андрэй Швед, калегі і навучэнцы класаў «Юны пракурор» усклалі кветкі да манумента Перамогі на сталічнай аднайменнай плошчы.








Фота: Генеральная пракуратура
Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
Генеральнай пракуратуры


