Аб генацыдзе беларускага народа і Вялікай Перамозе: Генеральны пракурор Андрэй Швед правёў сустрэчу з прадстаўнікамі замежных СМІ

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед у рамках прэс-тура, арганізаванага Міністэрствам інфармацыі ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, расказаў прадстаўнікам замежных СМІ аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа і цане, якая выплачана за Вялікую Перамогу.

У мерапрыемстве таксама прыняў удзел Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў.



Корпус замежных СМІ прадставілі журналісты з Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

Даведачна. Прэс-тур для прадстаўнікоў СМІ прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Насычаная праграма з наведваннем знакавых устаноў, горадаўтваральных прадпрыемстваў, аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны і месцаў баявой славы завяршаецца. Перад яе самай яркай і маляўнічай часткай - урачыстым парадам у гонар Дня Перамогі журналісты замежных СМІ змаглі асабіста пагутарыць з Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, больш даведацца аб задачах следчай групы па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе жыхароў БССР, якія перад ёй былі пастаўлены Кіраўніком беларускай дзяржавы, атрымаць удакладненыя даныя.



У прывітальным слове Андрэй Швед падкрэсліў выключнае значэнне распаўсюджвання ў медыйнай прасторы дакладнай інфармацыі аб генацыдзе беларускага народа і страшных падзеях, якія перажылі жыхары БССР у перыяд акупацыі, адзначыўшы, што «генацыд беларускага народа не аддзялім ад генацыду савецкага народа - гэта наша агульная гісторыя».

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь адкрыў мерапрыемства інфармацыяй аб тым, якія падзеі папярэднічалі ўзбуджэнню крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа і што заахвоціла задумацца аб неабходнасці прыняць такое працэсуальнае рашэнне. Нагадаў словы Кіраўніка дзяржавы, сказаныя ў сувязі з гэтым: «Вы не ўяўляеце, які цяжкі і вялікі пласт давядзецца ўзняць».



«Спроба каляровай рэвалюцыі, зробленая ў жніўні 2020 года, і наступны постэлектаральны перыяд прымусілі нас глыбей звярнуцца да гісторыі краіны. Падсілкоўваныя ідэямі нацызму імкнення экстрэмістаў здзейсніць у Беларусі дзяржаўны пераварот паказалі, што мы сталі забываць трагічныя старонкі і ўрокі гісторыі», – адзначыў кіраўнік нагляднага ведамства.

Яго даклад, змястоўны і з аналітычнай выкладкай, быў напоўнены лічбамі і дасылкамі да афіцыйных дакументаў, у тым ліку нямецкіх 1939-1945 гадоў.

У ходзе выступлення Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь падрабязна спыніўся на задачах, якія стаяць перад членамі следчай групы і іншымі пракурорскімі работнікамі ў частцы абароны гістарычнай праўды і памяці.



Падводзячы вынікі чатырох гадоў расследавання крымінальнай справы, Андрэй Швед канстатаваў: «Беларусь падвергнулася ўсім формам генацыду, якія змяшчаюцца ў Канвенцыі ААН аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. Маштабы трагедыі аказаліся значна шырэйшымі, чым было прынята лічыць у савецкі час. Сёння мы з упэўненасцю гаворым, што за перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі было знішчана поўнасцю або часткова 12 868 населеных пунктаў, з якіх 290 падзялілі лёс Хатыні. На тэрыторыі БССР фашысты стварылі 578 лагераў смерці, пра 101 з іх мы раней не ведалі. Захопнікі і іх памагатыя забілі не менш за тры мільёны мірных грамадзян і ваеннапалонных, скралі ў нямецкае рабства больш за 380 тысяч чалавек».

Асобна ў сваім выступленні Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь спыніўся на падрыхтаваных яшчэ да ўварвання Гітлера на тэрыторыю Савецкага Саюза планах генацыду мірнага насельніцтва, якія пацвярджаюцца атрыманымі архіўнымі дакументамі.



«Ужо ў 1939 годзе ў Дрэздэне былі створаны карныя падраздзяленні, у 1940 годзе з'явіліся афіцыйныя дакументы, якія адлюстроўваюць палітычныя погляды Германіі ў адносінах да славянскага насельніцтва. Адной з мэт вайны супраць СССР вызначалася скарачэнне яго насельніцтва на 30 мільёнаў чалавек з мэтай вызвалення «жыццёвай прасторы» для немцаў», – адзначыў ён.

Андрэй Швед прывёў дадзеныя аб некаторых карных аперацыях, арганізаваных фашыстамі і іх памагатымі на тэрыторыі БССР: «Варварскае знішчэнне мірнага насельніцтва пачалося ў першыя дні акупацыі. Ужо ў верасні 1941 года адбылася карная аперацыя на тэрыторыі Палескай вобласці. А ў ліпені 1942 года акупанты правялі карную аперацыю на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Тады з мэтай стварэння паляўнічых угоддзяў для верхавіны вермахта нацысты "расчышчалі тэрыторыю", у імя чаго было забіта не менш як 14 тысяч мірных грамадзян. Самі фашысты называлі гэтыя аперацыі «уціхамірвальнымі акцыямі», а сябе ў дакументах называлі «валанцёрамі». У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе мы сабралі звесткі аб правядзенні не менш за 187 буйных карных акцый».

Якая яна, рэальная асоба фашызму? Адказ могуць даць жывыя сведкі тых страшных гадоў, апавяданні якіх дакументуюцца падчас расследаванняў крымінальнай справы. З успамінаў сведкі: «Мне, тады сямігадовай дзяўчынцы, нямецкі салдат кожную раніцу прыносіў кошык з адсечанымі чалавечымі пальцамі і прымушаў здымаць з іх залатыя ўпрыгожванні. За любыя прамаруджванні «ў працы» ён на мяне крычаў і мог ударыць».

З пратакола агляду савецкімі войскамі ў красавіку 1944 года мясцовасці паблізу в.Сіманіцкі Млынок (цяпер - Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці): «З выкрытай ямы выняты 72 трупы, з якіх 20 дзяцей - да 15-гадовага ўзросту, з іх восем3 - жанчын. Гвалтоўная смерць у большасці выпадкаў прычыненая халоднай тупой зброяй. У большасці дзяцей і дарослых былі разбруджаны галовы. Грудныя дзеці знаходзіліся на руках у мёртвых маці. Частка людзей былі толькі параненыя і іх закапалі жыўцом».





Усе вышэйзгаданыя прыклады - толькі малая доля тых фактаў, якія ўстаноўлены за 4 гады расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа і актыўнасць следчых дзеянняў да гэтага часу не зніжаецца.

Але самае страшнае - у 1945 годзе нацызм не быў знішчаны, паколькі некалькі дзясяткаў тысяч карнікаў адышлі ад правасуддзя, эмігравалі ў ЗША, Канаду і іншыя краіны. «Мы накіравалі ў 31 замежную дзяржаву звыш 130 хадайніцтваў аб аказанні прававой дапамогі. У нас ёсць звесткі адносна 400 памагатых фашыстаў, якія яшчэ жывуць. У рамках крымінальнай справы складаюцца спісы ўсіх, хто мае дачыненне да генацыду мірнага насельніцтва БССР, скрупулёзна фіксуецца кожны факт іх злачынстваў», – адзначыў у сваім выступе Андрэй Швед.



Кіраўнік нагляднага ведамства праінфармаваў журналістаў прэс-тура аб выніках аглядаў месцаў масавага знішчэння грамадзян. Прадэманстраваў кадры з раскопак у Чанкоўскім лесе Гомельскага раёна, урочышчы Іванаўшчына ў Лагойскім раёне і ўрочышчы Уручча ў Мінскім раёне. Звярнуў увагу на арганізаваную работу па наведванні такіх журботных месцаў працоўнымі і навучальнымі калектывамі, што асабліва неабходна для моладзі. Указаў на важнасць давядзення да шырокай грамадскасці даных, якія атрымліваюцца падчас расследавання крымінальнай справы: падрыхтоўку і выданне кніг на рускай і англійскай мовах, вядзенне сумесных праектаў са СМІ і кінастудыяй "Беларусьфільм".

Размова з прадстаўнікамі замежных СМІ атрымалася насычанай, эмацыйнай і вельмі адкрытай.



Напрыканцы свайго выступу Андрэй Швед асобна адзначыў, што «беларусы памятаюць і шануюць дапамогу грамадзянаў усіх былых саюзных рэспублік. Іх мужнасць і подзвіг назаўжды адлюстраваны ў назвах вуліц, мемарыяльных комплексах і помніках, устаноўленых у розных рэгіёнах Беларусі. Гэта была агульная справа і агульная Перамога савецкага народа, які выдужаў і абараніў сваю незалежнасць».

Мерапрыемства для журналістаў працягнулася наведваннем музейнай экспазіцыі, размешчанай у Генеральнай пракуратуры, - прадстаўнік ведамства распавёў пра яе асноўныя часткі, падрабязна спыніўся на зале аб генацыдзе беларускага народа.



На памяць аб наведванні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь кожнаму ўдзельніку прэс-тура ўручана выдадзеная ведамствам кніга «Генацыд беларускага народа».





Госці сардэчна падзякавалі за цёплы прыём, адкрыты і змястоўны дыялог.



Фота: Генеральная пракуратура

Упраўленне ўзаемадзеяння са СМІ
Генеральнай пракуратуры




Іншыя навіны


Асноўныя падзеі