Пракуратурай Полацкага раёна падтрымана ініцыятыва суда Полацкага раёна і г. Полацка аб правядзенні судовага пасяджэння па разглядзе крымінальнай справы на беларускай мове

У гэтым годзе ў Полацку адбудзецца Дзень беларускага пісьменства. Праваахоўныя органы рэгіёну таксама прымеркавалі да свята шэраг мерапрыемстваў. Адным з іх стала правядзенне судом Полацкага раёна і г. Полацка судовага пасяджэння па разглядзе крымінальнай справы цалкам на беларускай мове. 

Судом раёна з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы – старшага памочніка пракурора Полацкага раёна Яна Сасноўскага, разгледжана крымiнальная справа ў адносiнах да П., якi здейснiў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (тайнае выкраданне маёмасці (крадзеж)). 

Былі вызначаны абставіны здзяйснення злачынства: П. прыйшоў у госці да сваёй знаёмай дзяўчыны і вырашыў выкрасцi яе ноўтбук. Скарыстаўшыся часовай адсутнасцю апошняй, П. забраў яго з кватэры. Потым праз сацыяльную сетку «Вконтакте» адшукаў па перапісцы пакупніка ў адным з мікрараёнаў Полацка. Калі пацярпелая не знайшла дома свой ноўтбук, то адразу ж звярнулася ў міліцыю. Супрацоўнікі міліцыі вылічылі злачынцу і вярнулі ноўтбук дзяўчыне. 

З улікам меркавання пацярпелай і звестак аб асобе абвінавачванага суд вызваліў яго ад крымінальнай адказнасці і прымянiў у дачыненні да яго адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў даход дзяржавы ў памеры 30 базавых велічынь (690 рублёў). 

Крымінальная справа не ўяўляла асаблівай складанасці з пункту гледжання даказанасці віны або кваліфікацыі дзеянняў абвінавачванага. Упершыню за апошнія гады разгляд ажыццяўляўся на беларускай мове, што з'явілася навінай для суда нашага рэгіёну.


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі