У пракуратуры Гомельскай вобласці ў парадку нагляду быў вывучаны матэрыял праверкі Буда-Кашалёўскага раённага аддзела ўнутраных спраў аб нанясеннi шкоды помніку археалогіі «Курганны магільнік ранняга Сярэднявечча».
З аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Буда-Кашалёўскага раённага выканаўчага камітэта ў органы ўнутраных спраў паступіла паведамленне аб тым, што ў лесе на тэрыторыі заказніка «Буда-Кашалёўскі», дзе знаходзіцца названы помнік археалогіі, маюцца сляды свежавыкапаных ям.
Па выніках праведзенай Буда-Кашалёўскім раённым аддзелам унутраных спраў праверкі была вынесена пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па прычыне таго, што «Курганны магільнік ранняга Сярэднявечча» не з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Аднак пракуратурай Гомельскай вобласці гэта пастанова адменена, паколькі з 13 жніўня 2016 г. дадзенаму помніку археалогіі нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі.
Пасля правядзення дадатковай праверкі раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 ст.344 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных аб'ектаў, якім можа быць прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці).
Абставіны здарэння будуць высветлены падчас расследавання крымінальнай справы.