Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Генадзій Дыско прыняў удзел у пасяджэнні Мастоўскага райвыканкама па пытаннях прафілактыкі рэцыдыўнай злачыннасці

Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Генадзій Дыско і намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Анатолій Іванюк прынялі ўдзел у пасяджэнні Мастоўскага райвыканкама па пытаннях стану рэцыдыўнай злачыннасці і прымянення мер па павышэнні эфектыўнасці работы суб'ектаў прафілактыкі. 

За 7 месяцаў 2018 года ў Мастоўскім раёне ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 18% (з 170 да 201) павялічылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх (з 8 да 16). Зафіксавана 1 забойства. 

У аналізуемы перыяд на 11% (з 51 да 57) вырасла колькасць супрацьпраўных дзеянняў якія грамадзяне здзейснілі ў стане алкагольнага ап'янення. 

Зафіксаваны рост на 15% (з 43 да 56) колькасці злачынстваў раней судзімых асоб. 

У значнай ступені гэты паказчык сфарміраваны ў выніку ўхілення асуджаных ад адбывання пакаранняў у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і грамадскіх работ, а таксама невыканання асобамі, якія адбылі пакаранне, патрабаванняў устаноўленага ў адносінах да іх прэвентыўнага нагляду. 

Выслухаўшы выступленні ўдзельнікаў пасяджэння аб мерах па павышэнні эфектыўнасці прафілактыкі рэцыдыўнай злачыннасці, намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь адзначыў, што для паляпшэння крымінагеннай абстаноўкі ў рэгіёне неабходна засяродзіць намаганні на індывідуальна-прафілактычнай працы з тымі, хто не жадае жыць згодна з законам, не працаўладкаваны, а таксама прыняць комплекс мер па папярэджанні алкагалізму і п'янства. 

На думку Генадзя Дыско, у прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў разам з міліцыяй павінны актыўна ўключацца тэрытарыяльныя органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва, органы аховы здароўя, сельскія выканаўчыя камітэты, грамадскія аб'яднанні, члены працоўных калектываў. 

Па выніках пасяджэння яго ўдзельнікі прынялі рашэнне, у якім вызначылі пытанні, якія патрабуюць увагі, тэрміны іх выканання, адказных службовых асоб.


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі