На калегіі пракуратуры Віцебскай вобласці падведзены вынікі працы за 2019 год

Пад старшынствам пракурора Віцебскай вобласці Вадзіма Сушчынскага на пасяджэнні калегіі падведзены вынікі працы абласной пракуратуры за 2019 год. 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Гара, начальнікі структурных падраздзяленняў абласной пракуратуры і іх намеснікі, Віцебскі транспартны пракурор, пракуроры гарадоў і раёнаў, іншыя пракурорскія работнікі. 

Сярод запрошаных – памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Дубаў. 

У сваім выступе Вадзім Сушчынскі адзначыў значную колькасць рэалізаваных у мінулым годзе арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў, накіраваных на абарону канстытуцыйных правоў грамадзян, умацаванне законнасці ў рэгіёне, у тым ліку барацьбу з карупцыяй і эканамічнай злачыннасцю. 

Прадметам асаблівай увагі пракуратуры вобласці сталі нагляд за аператыўна-службовай дзейнасцю праваахоўнага блока і дасудовым расследаваннем крымінальных спраў, а таксама якасць падтрымання дзяржаўнага абвінавачання ў судах. 

Сумесная праца пракурораў з іншымі кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі спрыяла падтрыманню належнага ўзроўню правапарадку ў вобласці – узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва склаў 83,7 пры сярэднерэспубліканскім паказчыку 93,2. 

Разам з тым на Віцебшчыне адзначаны рост злачынстваў: 9 847 у 2019 годзе супраць 9 675 у 2018 годзе, або 1,8 %. 

Прыярытэтнымі напрамкамі нагляднай працы ў 2020 годзе былі названы: 

папярэджанне злачынстваў супраць жыцця грамадзян – колькасць забойстваў з замахамі ўзрасла на 25 %; 

прафілактыка карыслівых злачынстваў – колькасць вымагання павялічылася на 114,3 %, разбояў – на 20 %, махлярстваў – на 20,7 %; 

пераадоленне п'янства – пасля ўжывання спіртных напояў здзейснена 2 191 злачынства. 

Пракурор вобласці арыентаваў калег на больш эфектыўную работу па папярэджанні злачынстваў сярод грамадзян з судзімасцю ў г.Віцебску, Шумілінскім, Лёзненскім, Сенненскім і Шаркоўшчынскім раёнах, дзе зафіксаваны высокі ўзровень рэцыдыву. У многіх раёнах праблемнымі засталіся пытанні занятасці судзімых асоб, здзяйснення імі злачынстваў у стане алкагольнага ап'янення. 

«Прашу таксама трымаць на кантролі забеспячэнне законнасці ў рабоце органаў дазнання і папярэдняга следства. Пры паляпшэнні паказчыкаў раскрывальнасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, а зараз гэта 67,5 % і лепшы вынік у рэспубліцы, у асобных рэгіёнах яна знізілася. Якасць правядзення органамі дазнання даследчых праверак і расследавання крымінальных спраў следчымі падраздзяленнямі патрабуе павышанай увагі органаў пракуратуры», – сказаў Вадзім Сушчынскі. 

Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Гара зрабіў акцэнт на пытаннях барацьбы з карупцыяй, падкрэсліў значнасць работы па яе папярэджанні. Зазначыў важнасць дасканалага вывучэння довадаў, якія змяшчаюцца ў зваротах грамадзян, выканання профільнага заканадаўства органамі ўлады і арганізацыямі на месцах. 

Занепакоенасць у пракуратуры выклікала праблема гібелі людзей ад знешніх фактараў, у тым ліку дзяцей. Так, ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў Віцебскай вобласці ў 2019 годзе загінулі 20 чалавек, 76 атрымалі цяжкія траўмы. 

Зыходзячы з гэтага пракурор вобласці Вадзім Сушчынскі запатрабаваў узмацніць прафілактыку – працу, накіраваную на апярэджанне бяды, заклікаў не аслабляць кантроль за выплатай абавязковых страхавых узносаў i своечасовай выплатай заработнай платы, асабліва ў арганізацыях АПК. 

Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч вёў гаворку аб аспектах узаемадзеяння пракурораў з мясцовымі органамі ўлады на карысць абароны правоў і свабод грамадзян. 

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Дубаў адзначыў значнасць нагляднай дзейнасці, арыентаваў пракурорскіх работнікаў на выяўленне праблем правапрымянення на лакальным узроўні і ініцыяванне змен у заканадаўства. 

«У мінулым годзе праведзена вялікая праца, ёсць моманты, якія патрабуюць удасканалення. Упэўнены, органы пракуратуры Віцебскай вобласці справяцца з пастаўленымі задачамі», – рэзюмаваў намеснік Генпракурора Дзмітрый Гара. 

На пасяджэнні вызначаны канкрэтныя мерапрыемствы на 2020 год. Іх мэта – умацаванне законнасці і правапарадку, супрацьдзеянне карупцыі і яе праявам, абарона праў і законных інтарэсаў грамадзян. 

Пасля калегіі адбылося ўзнагароджанне асобных пракурорскіх работнікаў, якія вызначыліся па выніках працы ў 2019 годзе. 

Фота: пракуратура Віцебскай вобласці 

Служба інфармацыі 
пракуратуры Віцебскай вобласці


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі