Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк прыняў удзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да 80-годдзя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы

Сустрэчу са студэнтамі і выкладчыкамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк правёў у фармаце адкрытага дыялогу. 

«Вельмі хачу, каб сёння вы пачулі для сябе максімум карыснай інфармацыі. Хачу бачыць вас у шэрагах пракурорскіх работнікаў. І гэта адна з асноўных мэт майго візіту», – сказаў маладым людзям Генпракурор. 

У сваім выступленні ён закрануў судова-прававыя рэформы ў Беларусі і суседніх краінах, распавёў аб парадку праходжання службы ў органах пракуратуры, удзеле пракурораў у нарматворчай дзейнасці. 

IMG_3586.jpg

Будучыя юрысты актыўна задавалі пытанні. Іх цікавілі павышэнне кваліфікацыі пракурорскіх работнікаў у наглядзе за расследаваннем злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, небяспека распаўсюджвання фэйкавай інфармацыі, магчымасць больш шырокага асвятлення работы пракуратуры ў сетцы Інтэрнэт за кошт размяшчэння відэакантэнту на платформе Youtube. Пагаварылі з кіраўніком нагляднага ведамства і пра тое, ці будзе больш жорсткай адказнасць за безлітасне абыходжанне з жывёламі, як часта звесткі, размешчаныя на інтэрнэт-сайтах, становяцца падставай для пракурорскіх праверак. 

«Некалі вымаўленая Прэзідэнтам нашай краіны фраза пра тое, што «пракурору ёсць да ўсяго справа», у пракурорскім асяроддзі стала ключавой. Наша работа, як бачыце, шматгранная і ўсеабдымная, ахоплівае ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека і тым вельмі цікавая», – адзначыў Аляксандр Канюк.   

Час размовы з маладымі людзьмі «пабіў рэкорды», аднак ні адзін з пастаўленых пытанняў не застаўся без адказу. Прадуктыўныя зносіны Генеральны пракурор завяршыў віншаваннем з юбілеем іх роднай альма-матэр.   

на торжественном собрании.jpg

Акрамя сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Аляксандр Канюк правёў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце прыём грамадзян па асабістых пытаннях, а таксама адкрыў абласныя спаборніцтвы па стральбе сярод каманд праваахоўных ведамстваў і сілавых структур Гродзенскай вобласці, прысвечаныя Дню абаронцы Айчыны.   

Фота: пракуратура Гродзенскай вобласці   

Служба інфармацыі
пракуратуры Гродзенскай вобласці


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі