Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк правёў рабочую сустрэчу з Генеральным пракурорам Азербайджанскай Рэспублікі Закірам Гаралавым, які прыбыў у Мінск у складзе афіцыйнай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам Азербайджанскай Рэспублікі Ільхамам Аліевым.
У ходзе двухбаковай сустрэчы пракуроры абмеркавалі пытанні міжнародна-прававога супрацоўніцтва па крымінальных справах, абмяняліся вопытам процідзеяння злачыннасці і карупцыі, нагляду ў эканамічнай сферы.
Аляксандр Канюк і Закір Гаралаў падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь і Генеральнай пракуратурай Азербайджанскай Рэспублікі.
У міжнароднай дамове рэгламентавана ўзаемадзеянне наглядных ведамстваў у забеспячэнні абароны правоў і свабод грамадзян; барацьбе са злачыннасцю, у тым ліку такімі яе арганізаванымі і транснацыянальнымі формамі, як тэрарызм, экстрэмізм, карупцыя, незаконны абарот зброі, наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, гандаль людзьмі. Прадугледжаны абмен вопытам, нарматыўнымі прававымі актамі.
«Візіт Генеральнага пракурора Азербайджана будзе садзейнічаць умацаванню прафесійных сувязяў паміж пракурорамі абедзвюх краін, надасць новы імпульс сумеснай барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, дапаможа нам у забеспячэнні абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян», – адзначыў Аляксандр Канюк.
«Міжнародную злачыннасць, якая не прызнае межаў і юрысдыкцый, можна спыніць толькі сумеснымі намаганнямі. Для гэтага нам неабходна перыядычна сустракацца і ўзгадняць нашы дзеянні», – канстатаваў Закір Гаралов.
Фота: belta.by