Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк наведаў з рабочым візітам Гомель

Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк у рамках рабочага візіту ў Гомель наведаў ААТ «Гомельшкло» і СП ААТ «Спартак», дзе азнаёміўся з работай прадпрыемстваў і правёў асабісты прыём грамадзян.

У ААТ «Гомельшкло» кіраўніка нагляднага ведамства цікавілі вытворчыя магутнасці, тэхналогіі якія выкарыстоўваюцца на прадпрыемстве, рынак збыту прадукцыі.

Даведачна. У ААТ «Гомельшкло» працуюць больш за 2 тыс. чалавек. Асноўны напрамак дзейнасці - выпуск ліставога тэрмапаліраванага шкла вялікага фармату. Геаграфія паставак - Украіна, Расія, Еўрапейскі саюз.

Пытанні, з якімі супрацоўнікі прадпрыемства звярнуліся да Генпракурора, тычыліся будаўніцтва жылля, адказнасці за ўцягванне непаўналетніх у незаконны абарот наркотыкаў і псіхатропаў, працы камісіі па супрацьдзеянні карупцыі ў арганізацыі, адказнасці службовых асоб за невыкананне дамоўных абавязацельстваў.

Адначасова людзі выказалі меркаванні аб далейшым развіцці інфраструктуры ў рэгіёнах: пыталіся аб будаўніцтве буйнога гандлёвага аб'екта ў мікрараёне Касцюкоўка, магчымасці змяніць расклад руху грамадскага транспарту з улікам работы змен на прадпрыемстве.

На ўсе пытанні Аляксандр Канюк даў змястоўныя адказы, растлумачыў нормы заканадаўства. Разгляд асобных зваротаў ўзят на кантроль.

Пры наведванні СП ААТ «Спартак» Аляксандр Канюк удакладніў, якія створаны на прадпрыемстве ўмовы працы для людзей, ці своечасова выплачваецца заработная плата, як наладжана прасоўванне тавараў на знешніх рынках.

Кіраўнік фабрыкі адказаў на пытанні Генпракурора, праінфармаваў так аб паказчыках работы, вытворча-сыравіннай базе, азнаёміў з асноўнымі тэхналагічнымі працэсамі і звязанымі з імі арганізацыйнымі мерапрыемствамі.

Даведачна. У СП ААТ «Спартак» працуе каля 2 тыс. чалавек, прадпрыемства выпускае кандытарскія вырабы і паўфабрыкаты. Прадукцыя экспартуецца ў 20 краін, асноўны рынак збыту - Расійская Федэрацыя.

У ходзе асабістага прыёму супрацоўнікі фабрыкі цікавіліся ў Аляксандра Канюка, якія ў краіне прыняты меры для бяспечнага праходжання вайсковай службы, арганізацыі дарожнай бяспекі, уключаючы ўзмацненне адказнасці за правапарушэнні і злачынствы, звязаныя з кіраваннем транспартнымі сродкамі ў стане ап'янення.

Падчас прыему Генпракурор выслухаў кожнага заяўніка, адказаў на пытанні, у неабходных выпадках даў даручэнні тэрытарыяльным пракурорам.

Практыка выязных прыёмаў грамадзян у рэгіёнах будзе працягнута.

У гэты ж дзень Аляксандр Канюк павіншаваў работнікаў органаў пракуратуры Гомельскай вобласці, якія за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў былі ўзнанароджаны медалямі «За бездакорную службу» розных ступеняў.

Фота: пракуратура Гомельскай вобласці

 Служба інфармацыі
пракуратуры Гомельскай вобласці


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі