Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь праведзены міжведамасныя беларуска-польскія кансультацыі па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва ў крымінальна-прававой сферы

У Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь адбыліся кансультацыі з прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Польшча і Нацыянальнай пракуратуры Рэспублікі Польшча. Падчас мерапрыемства былі абмеркаваны пытанні, якія рэгулююцца Дагаворам паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных, працоўных і крымінальных справах ад 26 кастрычнiка 1994 года: аказанне ўзаемнай прававой дапамогі па крымінальных справах, выдача асоб для прыцягнення да крымінальнай адказнасці або выканання прысудаў судоў, ажыццяўленне крымінальнага пераследу уласных грамадзян за злачынствы, учыненыя імі на тэрыторыі іншай дзяржавы, і іншыя.

Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксей Стук адзначыў высокі ўзровень узаемадзеяння профільных ведамстваў дзвюх краін у крымінальна-прававой сферы, паказаў пры гэтым на наяўнасць аспектаў супрацоўніцтва, якія патрабуюць ўзгаднення.

Даведка. Беларускім бокам ў 2016 і за 8 месяцаў 2017 года накіравана 147 просьбаў аб аказанні прававой дапамогі па крымінальных справах, 8 просьбаў аб выдачы асоб для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Польскім бокам у названы перыяд часу накіравана 103 просьбы аб аказанні прававой дапамогі па крымінальных справах і 1 просьба аб выдачы асобы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Беларускія і польскія пракуроры ў мэтах найбольш поўнай адаптацыі да нацыянальных крымінальна-працэсуальных законаў запытваемай прававой дапамогі абмеркавалі асаблівасці правядзення такіх следчых дзеянняў, як ператрус, выманне (у тым ліку выманне матэрыялаў консульскіх архіваў), атрыманне ўзораў для параўнальнага даследавання, а таксама прымянення меры працэсуальнага прымусу ў выглядзе накладання арышту на маёмасць.

Былі разгледжаны падыходы польскага боку да разумення асноватворнага прынцыпу двайной каральнасцi дзеяння па пэўных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (артыкулы 228, 328-1, 371, 371-1, 435), які мае значэнне пры прыняцці рашэння аб дапушчальнасці альбо недапушчальнасці аказання прававой дапамогі, выдачы асоб, перадачы матэрыялаў крымінальных спраў, перадачы асуджаных для далейшага адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў дзяржаве іх грамадзянскай прыналежнасці.

Акрамя таго, польскія калегі былі праінфармаваны пра тэрміны даўнасці прыцягнення асоб да крымінальнай адказнасці ў Рэспубліцы Беларусь, правілы іх прыпынення і перапынення, што ў далейшым будзе садзейнічаць аптымізацыі двухбаковага супрацоўніцтва пры перадачы матэрыялаў крымінальных спраў, рэалізацыі прынцыпаў няўхільнасці пакарання за ўчыненае злачынства і аднаўлення сацыяльнай справядлівасці .

Прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Польшча і Нацыянальнай пракуратуры Рэспублікі Польшча дэталёва выклалі працэдуру выканання беларускіх хадайніцтваў аб прававой дапамозе па крымінальных справах, патлумачылі кампетэнцыю ў дадзеным пытанні тэрытарыяльных органаў пракуратуры, падрабязна спыніліся на парадку прыняцця рашэнняў аб заключэнні пад варту і выдачы асоб з вызначэннем ролі ў гэтым працэсе польскіх і еўрапейскіх судоў.

У завяршэнне кансультацый Аляксей Стук падкрэсліў важнасць правядзення такіх мерапрыемстваў, бо яны садзейнічаюць умацаванню прафесійных кантактаў, развіццю супрацоўніцтва, ахове і абароне правоў грамадзян і юрыдычных асоб на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў.


Іншыя навіны


Асноўныя падзеі

Последние новости